ИнтерЛит в мире.

ИнтерЛит в Европе


Электронные книги «ИнтерЛита»

Дом Берлиных — литературно-музыкальный салон

Республиканский научно-практический центр «Кардиология»

OZ.by — не только книжный магазин

Александр КОСТЮНИН


Об авторе. Содержание раздела

РУКАВIЧКА

 

Праваслаўнаму свяшчэннiку Вейкка Пурманену

 

...Калi ж наступiў ранак, усе першасвяшчэннiкi i старэйшыны народа мелi нараду аб Iiсусе, каб надаць Яго смерцi; i, звязаўшы Яго, адвялi i перадалi Яго Понцiю Пiлату, правiцелю. Тады Iуда, прадаўшы Яго, убачыўшы, што Ён асуджаны, i, раскаяўшыся, вярнуў трыдцаць срэбнiкаў першасвяшчэннiкам i старэйшынам, гаворачы: саграшыў я, прадаўшы кроў непавiнную. Яны ж сказалi яму: што нам да гэтага? Глядзi сам. I, кiнуўшы срэбнiкi ў храме, ён выйшаў, пайшоў i ўдавiўся.

Евангелiе ад Матфея

 

 

Нельга сказаць, каб я часта ўспамiнаў школу. Думкi аб ёй, як далёкi, адышоўшы з гадамi ўспамiн нейкага iншага жыцця, прабiвалiся з непамерным цяжарам.

Я не быў выдатнiкам — добрыя адзнакi за мной не вадзiлiся.

Зараз разумею: магло быць хужэй. У пяць гадоў, усяго за два гады да школы, я ўвогуле не гаварыў па-руску. Родным для мяне быў карэльскi. Дома i ў двары размаўлялi толькi на iм.

Дзесяцiлетняя школа была тым першым высокiм парогам, за якiм i жадаў я пабачыць жыццё новае, iскрыстае, узвышанае. Залiвiсты школьны званок, свой асабiсты партфель, сшыткi, першыя кнiжкi, апавяданнi аб нязведаным, хлапчуковыя забавы апасля урокаў — усё гэта, быццам наўсцяж расхiнутыя вароты клунi для сена, манiла мяне на прастор. Пры чым тут адзнакi?

Трыццаць гадоў прайшло.

Штодзённыя клопаты, радзей радасцi напалову празрыстай дымкай зацягваюць дзяцiнства. Гады ўскладаюцца на плечы неяк непрыкметна, як дрывовыя абручы. З кожным новым абручыкам быццам бы нiчога не змяняецца, але глядзець углыб усё цяжэй. I толькi дзiвосным наростам на адшлiфаваным дрэве памяцi, ядавiтым грыбам альбо лекарскай чагай, спадволь выступаюць з мiнуўшага твары, з’явы, сiмвалы.

 

Не ведаю, чаму ўжо так склалася, але ярчэй за ўсё са школьных гадоў запамятаўся мне выпадак з рукавiчкай.

 

Мы вучылiся ў першым класе.

Ала Iванаўна Грышына, наша першая настаўнiца, павяла нас на экскурсiю ў кабi нет урокаў працы. Дзяўчаты займалiся там дамавоцтвам: вучылiся шыць, вязаць. Гэта не лiчылася пустым, непатрэбным заняткам. Купiць адзёжу якраз у свой памер было няма дзе. Перашывалi цi данашвалi тое, што засталося ад старэйшых. Жылi ўсе тады цяжка. Бедавалi. Уменне справiць нешта сваiмi рукамi цанiлася.

Як стайка ўскудлачаных варобышаў, мы, цiскаючыся па кутках и нялоўка перамiнаючыся, расселiся па партах. Сядзiм цiха, памiргваем вачанятамi.

Настаўнiца па дамавоцтве спачатку рассказала нам аб сваiм прадмеце, растлумачваючы пры неабходнасцi на карэльскай мове, а потым пусцiла па партах прыгожа аформленыя альбомы з лепшымi дзiцячыми вырабамi.

Там былi пашытыя i звязаныя нагавiчкi, рукавiчкi, шапачкi, шарфiкi, плацейкi, спаднiчкi, штонiкi. Усё гэта было лялечнага памеру, нават навароджанаму дзiцяцi было б мала. Я не аднойчы бачыў, як мацi за швейнай машынкай зiмнiмi вечарамi ладзiла нам абнову, але гэта было зусiм не тое...

Мы, нецярплiва перагiнаючыся цераз чужыя галовы, разглядвалi гэты цуд з завiдкамi, покуль ён быў на суседняй парце, i з задавальненнем, як мага далей, на поўным праве беражлiва трымалi ў руках, калi ён пападаў да нас.

Званок прагрымеў знянацку. Нечакана.

Урок скончыўся.

Аглядаючыся на альбом, мы, крыху памешкаўшы, выйшлi з класа.

Прайшоў перапынак, i пачаўся наступны ўрок. Выцягваем падручнiкi. Ногi яшчэ дагэтуль не ўтаймавалiся. Яшчэ скачуць. Галава — ўслед. Усаджваемся найлепшым чынам. Сцiхаючым рэхам змаўкае да шэпту гаварок. Ала Iванаўна пацiху ўздымаецца з-за настаўнiцкага стала, падыходзiць да дошкi i бярэ кавалачак мела. Спрабуе пiсаць. Мел крышыцца. Белыя хрусткiя крупачкi амаль што крышывам летуценяцца з-пад яе рукi.

Нечакана дзверы ў клас наўсцеж расчыняюцца. Да нас не ўваходзiць — забягае — настаўнiца дамавоцтва. Валасы ўскудлачаныя, збiтыя набок. На твары чырвоныя плямiны.

— Рабяты, знiкла рукавiчка! — i, не даўшы нiкому апамятацца, выпальвае: — Узяў нехта з вас...

Для прыкладу яна ўжо трымала ў руках альбом з дзiцячыми вырабамi i, шырока раскрыўшы, ўзняла яго над галавою. Лiст быў бялёса-пустым. На тым месцы, дзе не так даўно жыў маленькi пухельчык, я гэта добра памятаў, зараз тырчаў толькi караценькi хвосцiк чорнай нiткi.

Звалiлася аднекуль нядобрая цiшыня. Ала Iванаўна ацэньваючым паглядам прайшлася па кожнаму и стала па чарзе апытваць.

— Кандроева?

— Гусеў?

— Ратукiна?

— Якаўлеў?

Чарга дайшла да мяне... Падзвiнулася далей.

Дзецi, сцяўшыся, ўставали з-за парты i, панурыўшы галовы, выдаўлiвалi адно i тое ж: «Я не браў, Ала Iванаўна».

— Так, добра, — злосна працадзiла наша настаўнiца, — мы ўсё роўна знойдзем. Iдзiце сюды, па аднаму. Кандроева! З партфелем, з партфелем...

Светка Кандроева, вярнуўшыся да парты, падняла з падлогi свой ранец. Чапляючыся лямками за выступы, не мiргаючы гледзячы на настаўнiцу, яна мiжволi стала да яе наблiжацца.

— Жывей давай! Як звяршаць зладзейства, дык вы ўсе героi. Умейце адказваць.

Ала Iванаўна ўзяла з рук Светкi партфель, наўсцяж абярнула яго, падняла ўверх i з усёй моцы ўстраханула. На настаўнiцкi стол пасыпалiся сшыткi, падручнiкi. Зашчоўкалi па падлозе разляцеўшыеся карандашы. А сцятыя пальцы Алы Iванаўны ўсё трэслi i трэслi партфель.

Выпала лялька. Уткнуўшыся носам у груду падручнiкаў, яна ў нялоўкасцi застыла.

— Ха, вось дурында! — засмяяўся Лёха Сiлiн. — Ляльку ў школу прыцягнула.

Кандроева, апусцiўшы галаву, моўчкi плакала.

Настаўнiца па дамавоцтве бразглiва сабрала няхiтры скарб. Нiчога не знайшла.

— Распранайся! — хлёстка рэзанула на вушах каманда Алы Iванаўны.

Светка бязмоўна пачала сцягваць штопаную кафцёнку. Слёзы вялiзнымi кроплями выкатвалiся з яе прыпухлых вачэй. Штохвiлiны ўсхлiпваючы, яна адкiдвала з твару заплеценыя ў танюсенькiя касiчкi валасы. Прысеўшы на кортачкi, развязала шнуркi боцiкаў i, падняўшыся, па чарзе сцягнула iх. Трыкатажныя панчошкi, як надалося, мелi дзiрку. Ружовы Светкiн пальчык непакорна тырчаў, выставiўшы сябе напаказ усяму, здавалася, свету. Вось ужо знятая i спаднiчка. Апушчаны панчошкi. Белая майка са звiслымi лямачкамi.

Светка стаяла босая на затаптанай школьнай падлозе перад усiм класам i, не маючы сiл супакоiць свае рукi, сцята церабiла байкавыя штонiкi.

Нацельны алюмiнiевы крэсцiк на халсцiнкавай нiтцы маятнiкам пакачваўся на яе дзiцячай шыйцы.

— Гэта што яшчэ такое? — тыкаючы пальцам у крэст, усхадзiлася класная. — Каб не смела ў школу насiць. Апранайся. Наступны!

Кандроева, шлёпаючы босымi нагамi, сабрала рассыпаныя карандашы, таропка злажыла iх у партфель, згрэбла ў камок адзежу i, прыжаўшы да сябе ляльку, пайшла на цыпачках да сваёй парты.

Дзяцей распраналi да трусоў аднаго за адным. Па чарзе абшуквалi. Больш нiхто не плакаў. Усе загнана маўчалi, спаўняючы адрывiстыя каманды.

 

Мая чарга наблiжалася. Наперадзе двое.

Зараз траслi Юрку Гурава. Нашы хаты стаялi побач. Юрка быў з вялiкай сям’i, акрамя яго яшчэ тры браты i дзве малодшыя сястрычкi. Бацька ў яго крэпка пiў, i Юрка начастую, па-суседску, хаваўся ў нас.

Партфель у яго быў без ручкi, i ён нёс яго да настаўнiцкага стала, зажаўшы пад пахай. Неахайныя сшыткi i ўсяго адзiн падручнiк — вылецелi на настаўнiцкi стол. Юрка стаў распранацца. Зняў свiцер, не развязваючы шнуркоў, сцягнуў стаптаныя боты, потым нагавiцы i, нечакана спынiўшыся, разрымзаўся ўголас.

Алаванаўна стала сiллю сцягваць з яго майку, i тут на падлогу выпала... маленькая... блакiтная... рукавiчка.

— Як яна ў цябе апынулася? Як?!! — злосна дапытвалася Ала Iванаўна, нахiлiўшыся якраз да Юркiнага твару. — Як?! Адказвай!..

— Мiня эн тiйе! Мiня эн тiйе! Мiня эн тiйе... — захлiнаўся словамi напужаны Юрка, ад спуду перайшоўшы на карэльскую мову.

— А, не ведаеш?!! Ты не ведаеш?!! Ну, дык я ведаю! Ты яе ўкраў. Злодзей!

Юркiны губы дрыжали. Ён стараўся не глядзець на нас.

Класс напружана маўчаў.

Мы разам вучылiся да восьмага класа. Больш Юрка ў школе нiколi нiчога не краў, але гэта ўжо не мела значэння. «Злодзей» — як выпаленая на скуры пячатка было назаўжды пастаўлена жыхарамi сяла на iм i на ўсёй яго сям’i. Можна са смеласцю сказаць, што восем школьных гадоў зрабiлiся для яго турэмным срокам, як для сапраўднага злачынцы.

Ён стаў згоем.

Нiхто са старэйшых братоў нiколi не прыходзiў у клас i не абараняў яго. I ён нiкому здачы даць не мог. Ён быў заўсёды адзiн. Юрку не бiлi. Яго па-чалавечы зневажалi.

Плюнуць у Юркiну кружку з кампотам, высыпаць рэчы з партфеля ў халодную асеннюю лужыну, закiнуць шапку ў гародчык — лiчылася подзвiгам. Усе залiвiста смяялiся. Я не адставаў ад iншых. Бiялагiчная патрэба ўзвысiцца над кiм другiм брала верх.

 

* * *

Страшныя дзевяностыя гады сталi для ўсёй Расii цяжкiм выпрабаваннем. Змаўкалi цэлыя гарады, спынялiся заводы, закрывалiся фабрыкi i саўгасы.

Людзi, як крысы ў бочцы, звярэлi, вырываючы пайку адно ў другога. Безнадзейнасць тапiлi ў палёным спiрце.

Зладзейства высокай кручастай хваляй накрыла карэльскiя сядзiбы i вёскi. Зносiлi апошняе: начамi выкопвалi картоплю на гародах, цягнулi ўсё з паграбкоў i падполляў. Квашаную капусту, банкi з варэннем i гароднiнай, загатаваныя да наступнага ураджаю буракi i рэпу — ўсё выграбалi падчыстую.

Шмат семьяў зiмаваць засталося нi з чым. Мiлiцыя бяздзейнiчала.

У Чукоўскага у казцы, калi б не дапамога з-за сiнiх гор, усе звяры ў страху дрыжалi б перад тараканiшчам яшчэ i зараз. Тут жа злодзеяў вырашылi пакараць судом сваiм. Не сталi чакаць «збавiцеля-верабья». Цярпенню сяльчан прыйшоў канец.

 

...Разбiты саўгасны «пазiк», цяжка прабуксоўваючы ў рыхлым снезе, спачатку прасоўваўся па сяле ад аднаго лежбiшча да другога, а потым выехаў на прасёлачную дарогу. Сямёра крэпкiх мужчын, пакачваючыся ў такт ухабiнам, зацята маўчалi. Парок ад роўнага дыхання бойка курыўся ў прамозглым паветры салона. На металiчнай, з ласнявымi залысiнами падлозе ўжо ялозiлi задам па ледзяной корцы месцячковыя злодзеi. Хто ў нашым сяле не ведаў iхнiх мянушак? Iх было пяцёра: Лёха Сiлiн, Зыка, Пецька Коўчын i Юрась Гураў — гэта яны на працягу апошнiх васьмi гадоў беспакаральна цягнулi ў сяльчан апошняе. Не здагадвалася аб гэтым толькi мiлiцыя.

Рукi не звязвалi — куды дзенуцца? Узялi iх лёгка, не даўшы апамятацца. Ды i момант падгадалi прыдатлiвы — апоўднi. Пасля начной «працы» самы сон.

«Пазiк», папыхваючы, накiраваўся за сяло, па лясной прасёлачнай дарозе. Ехалi моўчкi. Кожны сам па сабе. Усё было зразумела без слоў. Нi ў пракуроры, нi ў адвакаты нiхто не рваўся.

Дарога iшла акурат па беразе ляснога возера Кадаярвi. На пятым кiлометры спынiлiся. Дзвiжок заглушылi. Выпiхнулi «гасцей» на снег. Далi дзве пяшнi i наказали рубiць па чарзе палынню.

Снегавыя тучы цяжка напаўзалi на нас. Сонца знiкла. Падняўся вецер. Аднекуль наляцела завiруха. Мароз надвячоркам стаў пашчыпваць. Тапiць злодзеяў нiхто не збiраўся, а добра iх правучыць трэба было. Ёсць моманты, ў якiх далiкацтва няўмесна, хужэй за грубасць.

 

...У саўгасным гаражы мы распiлi дзве бутылi прама з гарла. Стоячы. Кусман чорствага аржанога хлеба быў адзiн на ўсiх. Мы пiлi за перамогу над зладзействам.

Я ў гэты ж вечар паехаў у горад, а зранку з сяла пазванiлi: Юрась Гураў у сябе ў клунi павесiўся.

 

Калi б не гэты званок, я б, напэўна, так нiколi i не ўздумаў пра блакiтную рукавiчку.

Цудадзейнай праявай акрэслiлася, як уяўку: я ўбачыў рымзаючага Юрку, маленькага, безабароннага, з дрыготкiмi губамi, перамiнаючагася босымi нагамi па халоднай падлозе...

Яго жаласлiвае: «Мiня эн тiйе! Мiня эн тiйе! Мiня эн тiйе!» — аглушыла мяне.

Я востра, да болю, ўспомнiў бiблейскi сюжет: Iiсус не проста ад пачатку ведаў, хто прадасць яго. Толькi калi Настаўнiк, памачыўшы кавалак хлеба ў вiно, падаў Iуду, толькi «апасля гэтага кавалка i ўвайшоў у Iуду сатана». На прафесiйным мiлiцэйскiм жаргоне гэта называецца «падстава».

 

Юрась, Юрась... твой лёс для мяне — ўкор... I пачуццё вiнаватасцi расце.

Нешта перавярнулася ў маёй душы. Заныла.

Але заглушаць гэты боль я чамусьцi не хачу...

 

* * *

...На нябёсах больш радасцi будзе аб адным грэшнiку, прыносячым пакаяннi, чымся аб дзевяноста дзевяцi праведнiках, не маючых патрэбы у пакаяннi.

Евангелiе ад Лукi

Рукавичка (оригинал)

Мое знакомство с Вячеславом Тихоновым

Другие повести и рассказы:
Офицер запасаПереяркиВальс под гитаруОрфей и ПримаБаянПолет летучей мышиАфганская елкаСовёнокДвор на тринадцатомНытик

Документальная прозаСказки

Об авторе.
Земное притяжение. Повесть-хроника»

Итоги международного литературного конкурса
по произведениям Александра Костюнина (2008)

на лучших условиях сдам офис БЦ Новоспасский Двор на Дебреневская набережная

Для отправки произведений, вопросов и предложений щелкните по конверту:
Перед отправкой произведений ознакомьтесь с Правилами Клуба!

СПАСИБО!

 


Использование материалов сайта возможно только с согласия автора и с указанием источника:
ИнтерЛит. Международный литературный клуб. http://www.interlit2001.com